АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ДАРО́ГА,

дарога для руху аўтамабільнага транспарту. Асн. эементы: земляное палатно (у насыпе ці ў выемцы, з вышкамі і водаадводнымі канавамі), шматслойнае дарожнае адзенне (з трывалым верхнім слоем-дарожным пакрыццём), штучныя збудаванні (масты, тунэлі, пуцеправоды, дрэнажныя сістэмы, падпорныя сценкі, ахоўныя галерэі і інш.). Высокакатэгарыйныя аўтамабільныя дарогі абсталёўваюцца знакамі дарожнымі, святлафорамі, інфарм. табло, сродкамі тэхнал. і аварыйнай сувязі, асвятляльнымі сістэмамі, будынкамі і збудаваннямі аўтасэрвісу (аўтазаправачныя станцыі, аўтавакзалы, матэлі, станцыі тэхн. абслугоўвання і інш.), а таксама будынкамі дарожна-эксплуатацыйных і аўтатрансп. службаў. Аўтамабільныя дарогі маюць таксама развязкі, падземныя пераходы, жывёлапрагоны, з’езды і ўезды, пераходна-скорасныя палосы, веласіпедныя дарожкі, снегаахоўныя палосы, дэкар. насаджэнні і інш.

Праезная частка можа мець 1—4 і болей палос руху. Па баках праезнай часткі робяць абочыны, паміж сустрэчнымі напрамкамі — раздзяляльную паласу. У залежнасці ад разліковай інтэнсіўнасці руху аўтамабільныя дарогі падзяляюцца на 5 катэгорый. Шырыня праезнай часткі дарогі 1-й катэгорыі 2×7,5 м і больш, 5-й катэгорыі 4,5 м, разліковая скорасць руху адпаведна 150 і 60 км/гадз. Дарогі 1—3-й катэгорый маюць асфальта- ці цэментабетоннае пакрыццё, 3—4-й — пакрыццё з каменных матэрыялаў, умацаваных арган. ці мінер. вяжучымі. Дарогі 4—5-й катэгорыі пераважна з пясчана-жвіровых сумесяў ці грунтоў, стабілізаваных вяжучымі або грануламетрычнымі дабаўкамі. Аўтамабільныя дарогі бываюць агульнага карыстання (рэспубліканскія і мясцовыя) і ведамаснага (с.-г., прамысл. прадпрыемстваў, лясныя, рэкрэацыйныя, гар. і інш.). Аўтамабільныя дарогі для скораснага руху аўтатранспарту без перасячэнняў на адным узроўні наз. аўтамагістралямі. Аўтамабільная дарога Брэст—Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі мае статус міжнароднай (Е-30). Усяго ў Беларусі больш за 50 тыс. км дарог агульнага карыстання і каля 200 тыс. км ведамасных, у тым ліку 10 тыс. км у гарадах і населеных пунктах.

Літ.:

Бабков В.Ф., Андреев О.В., Замахов М.С. Проектирование автомобильных дорог Ч. 1—2. 3 изд. М., 1970;

Морозов И.В. Планета дорог. Мн., 1992.

І.І.Леановіч.

т. 2, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)